Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Горад, з якога вытраслі душу

29.09.2012 общество
Горад, з якога вытраслі душу

Апошнім часам розныя афіцыйныя асобы ўсё часцей гавораць пра падабенства Мінска на сучасны еўрапейскі горад. Не хапае толькі брэнда, што пазнаваўся б ва ўсім свеце.

Маўляў, як Парыж, які пазнаюць не толькі па Эйфелевай вежы, але і па «парыжскім сняданку» — каве з круасанамі...

Пра каву з круасанамі я пачуў, гледзячы ток-шоу АНТ «Адкрыты фармат». Яго ўдзельнікі шукалі адказ на пытанне, ці ёсць у Мінска свой твар. З падтэксту вынікала — еўрапейскі. У нейкі момант вядучы нібыта з жалем паведаміў, што ў Мінску мала засталося жыхароў, якія помняць горад 1940-х гадоў. Я чакаў, што вось-вось ён з’явіцца, адзін з гэтых выкапняў. Не дачакаўся.

І тое вельмі шкада, бо насамрэч еўрапейскім Мінск выглядаў менавіта да 40-х, асабліва з даху напалову разбуранага дома на Маскоўскай, у якім пачыналася маё мінскае старажыхарства.

Услед за старэйшыміі хлопцамі мы любілі ўзлазіць на гэты дах і пад пагрозай праваліцца праз саржавелае, вострае па абадраных краях, жалеза, глядзець у далечыню, што танула ў цагляна-пыльнай, падсвечанай сонцам, смузе. Нічога, здавалася, вышэйшага за наш дах у горадзе не было, бо менавіта адтуль адкрываўся над жахлівай пустэчай крушняў ягоны непаўторны абрыс — Дом урада, Чырвоны касцёл, Оперны тэатр, саборы са званіцамі на плошчы Свабоды...

Так, ён быў еўрапейскім, той Мінск, як і большасць зруйнаваных вайной гарадоў Еўропы. Але пакуль немцы адбудоўвалі Дрэздэн, вугорцы — Будапешт, а палякі — Варшаву, Мінск, губляючы апошнія рысы сваёй правінцыйна-гістарычнай еўрапейскасці, паступова ператвараўся ў кадэбэшную казарму, аздобленую сталінскім ампірам...

З цягам часу, аднак, і казарма, калі ў ёй нараджаюцца дзеці, поўніцца жывым чалавечым зместам. Толькі змест гэты сёння зусім іншы.

Паслухаўшы ўжо нават не «дзяцей», а «ўнукаў», я даведаўся, што ў Мінску няма шопінгу, ад чаго ён не можа лічыцца еўрапейскім; што ў горада няма гісторыі, і таму яе трэба прыдумаць; што іншаземцаў цікавіць найперш будынак КДБ, каб сфатаграфавацца побач і адчуць хваляванне смяротнай рызыкі; што тэрмінова патрэбен брэнд кшталту «мінскія круасаны»...

Пачуўшы пра «круасаны», я накіраваўся на вуліцу Савецкую, шукаючы поглядам шыльду «Хлеб». У маім дзяцінстве там прадавалі «жаўрукоў» — мяккую са скарыначкай здобу ў выглядзе птушкі, якую спрадвек выпякалі мінскія хлебапёкі. Падносячы да рота, я доўга не ведаў, з чаго пачынаць: з хвосціка ці з дзюбкі, над якой чарнелі дзве разынкі — вочкі...

Замест птушкі, да мяне падляцеў малады чалавек у модным гарнітуры, з рацыяй праз плячо, адчыніў без дазволу правую дзверцу: «Вы не кліент нашага банка?» «Не-не...» — «Каціце далей!..»

Далей — гэта наўпрост у прорву пад тым, што зневажальна працягвае звацца плошчай, ды яшчэ Незалежнасці...

Што ж адбылося з нашым горадам і з нашым жыццём? Быццам бы выдрапаліся з камуністычнай прорвы, а потым са страху пакацілі ў адваротны бок, хай сабе знешне іншы — без «жаўрукоў», затое з банкамі і шклянымі вежамі з агромністымі літарамі на дахах кшталту SILVER TOWER...

Так, многім здаецца, што дастаткова ўзняць над горадам падобныя вежы і літары, скрасці, так бы мовіць, знешнія рысы сучасных еўрапейскіх гарадоў, каб і яго лічыць еўрапейскім.

Але еўрапейскім магчыма лічыць толькі той горад, у якім жывуць еўрапейцы. Не толькі па геаграфічным месцы знаходжання ў прасторы, але найперш па ментальнасці і адносінах да каштоўнасцяў жыцця.

Вось гісторыя, што адбылася ў адным са шведскіх гарадоў, на жаль, забыўся, у якім. Не ведаю, ці ўздымаюцца над ім хай-тэкаўскія збудаванні, але ёсць там даўні, больш за стогадовы, вакзал. З цягам часу ён стаў не толькі цесным, але і вельмі шумным. Гараджане закідалі мэрыю скаргамі, і мэрыя вырашыла пабудаваць новы вакзал, а стары знесці. І раптам высветлілася, што гараджане гэтага не хочуць.

Раптам высветлілася, што стары вакзал для іх — не проста будынак, а перакрыжаванне жыццёвых шляхоў і пранізлівых успамінаў... Карацей кажучы, мэрыя, не зважаючы на выдаткі, пабудавала новы вакзал пад старым.

Ведала, што знос старога вакзала гараджане ёй не даруюць...

А дзе ж ён, старадаўні мінскі вакзал? Дзе першая гарадская электрастанцыя, якая ў тыя ж 40-я пазбаўляла мінчукоў ад газовак? Дзе?..

Не, скрасці згаданую Еўропу не атрымаецца. Такая Еўропа мусіць толькі нарадзіцца.

Але ці народзіцца?

Ці народзіцца Еўропа ў горадзе, які моўчкі церпіць раны на сваім целе?

Ці народзіцца Еўропа ў горадзе, з якога канчаткова вытраслі душу..?

Сяргей Ваганаў, «Наша Ніва»

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]