Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Беларусь бароняць вертухаі

15.04.2010 политика
Беларусь бароняць вертухаі

Болей за ўсё беларусы баяцца вайны. І нязменнага свайго правадыра любяць менавіта за тое, што ён абяцае стабільнасць.

Аднак мірнае жыццё ў нашым краі нечакана ляснула. Люты вораг усё ж напаў на Белрусь. Удар быў раптоўны, неадольны. І праз пэўны момант натаўскія танкісты ўжо мылі боты ў запаветным Драздоўскім водасховішчы. Першымі пра жахлівыя падзеі паведамілі у панядзелак дзяржаўныя тэлеканалы Ліпецка.

Аднак люты вораг цешыўся нядоўга. І ўжо ў аўторак на дапамогу нашым пакутнікам паспяшаліся расійскія вертухаі. У тым стрыманым паведамленні не было нічога сенсацыйнага. Генералы не палітыкі. Проста так, са зменаю сезонаў, з надыходам вясны, яны не вар’яцеюць. Дзейнічаюць дакладна. У межах вызначанай вышэйшаю ўладаю дактрыны. А паводле яе Беларусь трэба ратаваць. У выпадку раптоўнай нечаканасці. І нават без яе. Пажадана аднойчы і назаўжды. Бо гэта амаль прыватная расійская ўласнасць. Шмат афіцыйных дакументаў пра тое сведчаць.

А таму на галовы тэлегледачоў і абрынулася тое неверегоднае паведамленне. Даслоўна яно гучала так. “Сегодня липецкие военные эвакуировали жителей Украины. Там объявлено военное положение. Страны НАТО с территории Украины наступают на Белоруссию. Самолет с беженцами приземлился на Липецком аэродроме”.

Змрочны твар намесніка камандуючага унутранымі войскамі цэнтральнага рэгіёна генерала Рабчанкава не пакідалў ніякага сумневу: усё так і ёсць. Кляты вораг – у Беларусі. Цяпер уся надзея толькі на іх, герояў унутраных войск. Надзейных вартавых шматлікіх спецаб’ектаў і турмаў Расіі.

Ліпецкая інфармацыйная бомба грымнула з такой сілай, што нават камандуючаму ўсімі гэтымі войскамі генерал-палкоўніку Львову давялося апраўдвацца публічна. Не, на Беларусь насамрэч ніхто не нападаў. І Україна да ліпецкай тэлевайны не мае дачынення. Гэта звычайныя вайсковыя манеўры. Па ўсім цэнтральным рэгіёне Расійскай Федэрацыі.. Унутраныя войскі ўдасканальваюць сваё майстэрства. А ліпецкі генерал са сваёй ваяўнічай кагортай проста крыху пакрасаваўся перад тэлекамерамі. Таму не варта залішне крыўдзіцца і панікаваць.

Ды ніхто і не крыўдзіцца. Ні там, ні тым болей, тут. Службовая асоба, якая паводле свайго статусу па дыпламатычных каналах павінна была высветліць усе акалічнасці абразлівага для нашай краіны інцыдэнта, занятая зусім іншымі праблемамі. І не столькі ў гэтым шызафрэнічным сцэнары манёўраў віны расійскіх генералаў, колькі менавіта гэтай службовай асобы. Што зусім не выпадкова.

Генералы самі нічога сенсацыйнага не выдумляюць. Каб не страціць выпадкам пагоны ды лампасы. А ўсяго толькі выконваюць загады, якія сыходзяць ад чыноў вышэйшых. А яны, тыя чыны, даўно ўжо ногі выціраюць аб дыванок, які лісліва разлаў ім тут дырэктар саўгаса “Гарадзец”, які ў 1994 вырашыў чамусьці рашуча памяняць прафесію. І бясконцыя недарэчнасці ў жыцці краіны сёння – усяго толькі вынік таго даўняга неабачлівага кроку.

І на абразу расійскіх вертухаяў, якія наважыліся раптам Беларусь абараніць ад натаўскага войска, зразумела, ніхто нічым ніколі не адкажа. Зневажаюць? Ды хіба ўпершыню? Дробязь. Божая раса. Няма нават часу ўсім гэтым займацца. Як і шмат чым іншым. Трэба неадкладна даведацца, як там на нейкім заводзіку ў глыбінцы вараць сыр. А заадно даць каштоўныя парады механізатарам Гомельшчыны. Без яго ж яны нават не ведаюць, што і дзе трэба зараз сеяць.

Гэта ў краінах безнадзейна адсталых, кшталту Нямеччыны або Амерыкі, немагчыма нават уявіць, каб Анжэла Меркель давала прафесійныя парады баварскім піваварам, а Барак Абама завісаў бы над палеткамі Айовы, кантралюючы рост кукурузы. А тут – гэта норма. Асноўная прафесія няўмольна бярэ сваё. І дужа хочацца хоць нейкага рэваншу. Тым болей, што на новым месцы ўсё неяк не пайшло. Найперш на напрамках стратэгічных. Міжнародны статус краіны безнадзейна апусціўся да ўзроўню саўгаснага.

Беларусь за шаснаццаць год саматужных намаганняў здолела перасварыцца з усімі суседзямі. Адрынула цывілізаваны шлях, як непрыймальны і недарэчны. Пайшла сваёй дарогай. І апынулася адпаведна ў таварыстве Ахмадзінеджада і Кім Чэн Іра.

Аднак часам падступае злосць і крыўды. Нейкае іншае, незразумелае жыццё праходзіць міма. Туды не запрашаюць. Даюць выразна зразумець, што тут ужо не краіна, а саўгас. Безнадзейна выпалі мы з еўрапейскай супольнасці дзяржаў. У Вашынгтоне менавіта ў гэтыя дні збіраўся саміт па ядзернай бяспецы. А мы і атамную станцыю будуем, і збройнага ўрану ў нас, высвятляецца, нібы той гразі. Не запрасілі!..

І застаецца ў такім выпадку рабіць выгляд, што гэта нам туды не хочацца. Сапраўды, а што там рабіць, сярод чужых палітыкаў? Да таго ж – пасяўная на носе. І так прыемна сабраць дзе-небудзь у хмызнячку ўласных, чэсных журналістаў і, як таму ліпецкаму генералу “пакрасавацца перад тэлекамерамі”. І спляжыць тых, хто ў Вашынгтоне. Падумаеш, прэзідэнты! Яны нам не кампанія. У нас свой, адметны шлях. І адпаведнае яму кіраўніцтва.

“Мне приятней на берегу Припяти вести с вами беседу, чем сидеть и париться в Вашингтоне”. Дзіўны чалавек! Навошта было мяняць прафесію?

А ў ідыёцкім сцэнары ліпецкіх манеўраў была між іншым адна цікавая дэталь. Беларускі самалёт з бежанцамі. Хто ўцёк з краіны такім чынам, генералы не тлумачылі. Палічылі, што і без таго кожны здагадаецца. Цікава ўсё ж, а як прапісаны лёс шматпакутных уцекачоў у тым расійскім сцэнары?

Крэмль апошнім часам у пустыя гульні не гуляе.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]