Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

«Калядны фэст-2016» адбудзецца ў Мінску 25 снежня

22.12.2016 культура
«Калядны фэст-2016» адбудзецца ў Мінску 25 снежня

Кожны гурт падрыхтаваў сюрпрызы для наведвальнікаў фестываля сярэднявечнай і фольк-музыкі.

Штогадовы фестываль сярэднявечнай і фольк-музыкі «Калядны фэст» пройдзе ў сталічным клубе Re: Public 25 снежня. У музычным марафоне традыцыйна возьмуць удзел лепшыя калектывы фолькавага накірунку – «Палац», «Стары Ольса», Znich, Irdorath, Trollwald, «Гістрыён», Vuraj, паведамілі сайту charter97.org арганізатары канцэрта.

Напярэдадні фэстываля арганізатары патэлефанавалі кожнаму з яго ўдзельнікаў і даведаліся, якія сюрпрызы яны рыхтуюць для прыхільнікаў сярэднявечнай музыкі і як ставяцца да самаго фэсту як да з’явы.

Усе апытаныя музыкі сышліся ў меркаванні, што «Калядны фэст» – мерапрыемства з асаблівай святочнай, вясёлай атмасферай і выступае ў якасці своеасаблівага злучальнікам паміж гісторыяй, традыцыямі і сучаснасцю.

«Калядны фэст» – гэта вяртанне старых традыцый, вяртанне аднаго з самых светлых традыцыйных беларускіх святаў. І адпаведна гэты настрой перадаецца музыкам. Я нават лічу, што гэты настрой неяк генетычна закладзены. У гэты час хочацца свята і адчуванне нейкае святочнае прысутнічае ў кожным», – распавёў лідэр гурта «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі.

Ён адзначыў, што «Стары Ольса» на «Калядным фэсце» выканаюць урачыстыя вясёлыя кампазіцыі, зайграюць некалькі кавер-версій рок-класікі, некаторыя рэлігійныя кампазіцыі і паабяцаў шмат сярэднявечных танцаў.

Гурт «Палац» рыхтуе да каляднага мерапрыемства песні з больш электроннай аранжыроўкай і прадставяць новую песню.

«Нам бы хацелася на фоне нашых калегаў, нашых паплечнікаў, якія будуць граць больш акустычныя і нават фолк-металічныя рэчы, усё ж такі звярнуць увагу на фальклор, звязаны з тэхналогіямі сэнтэзатарнымі альбо сэмплернымі. Для нас гэта крыху важна таму што мы лічым, што канешне ,у фальклоры ў будучыні будзе мець развіццё ў гэтым адгалінаванні больш актыўнае»,– распавёў лідэр і зазнавальнік «Палацу», родапачынальнік «Каляднага фэсту» Алег Хаменка.

Сапраўдны сюрпрыз сваім прыхільнікам на «Калядны фэст» рыхтуе гурт Irdorath – з фестывальнай сцэны ад гурта будзе аб’яўлена вельмі важная і прыемная навіна, не абыйдзецца і без прэм’ер. Вакаліст гурта Уладзімір Ірдарат запэўніў, што на фэсце гурт выканае «самае лепшае».

«Калядны фэст – гэта ўжо традыцыйны адрыў напрыканцы года. На фестываль збіраюцца не толькі нашыя прыхільнікі, але і ўся моц нашага фолк-руху, там лунае вельмі моцная энергетыка, на фестывалі заўжды радасна і весела. Мы вельмі рады, што мы ўжо чацвёрты год запар уваходзім у залаты склад гэтага фестывалю», – распавёў вакаліст гурта.

«Мы вельмі любім гэты фестываль. Гэта выдатнае мерапрыемства. Мы на ім гралі яшчэ ў тыя часы, калі былі Litvintroll, а першы выступ Trollwald адбыўся менавіта на «Калядным фэсце».

Вельмі душэўны фестываль», – адзначыў вакаліст гурта Trollwald (ex-Litvintroll) Андрэй Апановіч.

Лідэр гурта Znich Алесь Таболіч распавёў, што сёлета «мы зробім нешта такое, чаго не было ў мінулым годзе».

«Гэта адзін з наймацнейшых зімовых фестываляў. Я яго параўноўваю з «Купальскім колам», на які таксама збіраецца шмат прадстаўнікоў альтэрнатыўнай, фолькавай і металічнай тусоўкі і які таксама прысвечаны дню сонцастаяння», – сказаў Таболіч.

Лідэр гурта Znich высказаў здагадку, што людзі любяць наведваць і «Калядны фэст», і «Купальскае кола» менавіта там што дух продкаў, народныя святы з казой і народнымі песнямі блізкія беларусам па духу, а гэтага не знойдзеш на іншых фестывалях.

Удзельнікі калектыву «Гістрыён» адзначылі, што «Калядны фэст» для ніх заўжды карнавал і магчымасць як след павесяліцца і прыдумаць нешта незвычайнае.

«Ужо дргі год запар мы рыхтуем для фэста невялікія тэатральныя замалёўкі, якія будзем паказваць у перапынках паміж выступленняў гуртоў. Замалёўкі гэтыя на калядную тэматыку – летась нашыя калядоўшчыкі згубілі і знайшлі казу, а сёлета мы ўзгадаем каляднае паданне пра цмока і сонца. Думаю, сюрпрызам стануць нашыя персанажы, але гэта пакуль сюрпрыз», – распавялі ўдзельнікі калектыву.

«Калядны фэст-2016» адбудзецца 25 снежня ў сталічным клубе Re: Public, пачатак у 17:30; кошт квіткоў складае 25 рублёў папярэдне, 30 – у дзень канцэрту.

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2019 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]