Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Навіны палітвязьняў — актывістаў «Эўрапейскай Беларусі»

05.10.2021 политика
Навіны палітвязьняў — актывістаў «Эўрапейскай Беларусі»

Дзе яны зараз знаходзяцца?

Актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, Яўгена Афнагеля і Паўла Юхневіча судзілі ў траўні ў Магілёве на адным працэсе з сустаршынём БХД Паўлам Севярынцам, актывістам Андрэем Войнічам, блогерам Дзьмітрыем Казловым і рэдактаркай каналу «Страна для жизни» Ірынай Шчаснай, паведамляе «Радыё Свабода».

Усе фігуранты справы атрымалі вялікія тэрміны нібыта за арганізацыю забурэньняў — ад 7 да 5 гадоў зьняволеньня.

Амаль тры месяцы Яўген Афнагель, Максім Вінярскі і Павал Юхневіч правялі ў магілёўскім СІЗА, пакуль разглядаліся іхныя апэляцыі на прысуд. У жніўні скаргі былі разгледжаныя ў Вярхоўным судзе, але тэрмінаў нікому не зьмянілі. Цяпер сваякам і сябрам даходзіць інфармацыя, куды накіравалі палітвязьняў для адбыцьця пакараньня, а некаторыя ўжо самі даслалі лісты з калёній. Дзе апынуліся актывісты «Эўрапейскай Беларусі»?

Яўген Афнагель — у Наваполацкай калёніі

Каардынатара кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля перавезьлі з Магілёўскага СІЗА ў калёнію ў Наваполацку ў канцы жніўня. Жонка актывіста Кацярына Людвіг ужо атрымала ад мужа з калёніі першы ліст. Адзначае, што ліст дайшоў усяго за пару дзён.

«На этап асабліва не наракае, кажа, што за адзін дзень прывезьлі з Магілёва ў Наваполацак. Пакуль на карантыне. Асвойваецца на новым месцы, піша, што зусім мала вольнага часу. Настрой добры. Вельмі быў задаволены, калі ўпершыню за год пабачыў дрэвы і неба бяз кратаў. Шчасьлівы, што можа быць на сьвежым паветры, а ня ўвесь час у камэры, дзе кураць. Гэта для яго было вялікай праблемай. Магчыма, атрымае якую працу, але пра гэта стане вядома праз два тыдні, калі карантын скончыцца і яго разьмяркуюць у атрад», — расказала Кацярына.

На здароўе Яўген Афнагель, паводле жонкі, асабліва ня скардзіўся.

«Раней пісаў толькі, што заўважыў пагаршэньне зроку. Схуднеў. Гэта кажу са сваіх уражаньняў, калі бачыла яго на спатканьнях. А ў астатнім нібыта ўсё добра. Ён па-ранейшаму аптымістычны і нас усіх прыбадзёрвае», — паведаміла Кацярына і падзялілася фатаздымкам ліста свайго мужа.

Максім Вінярскі адбыў з Магілёва

Алена Церашкова, сястра актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, ня ведае, куды разьмеркавалі брата для адбыцьця пакараньня. У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС казалі пра адрас, але пакуль гэтая інфармацыя не пацьвердзілася.

«Максім толькі ў мінулую пятніцу адбыў з Магілёва, і ад яго пакуль няма інфармацыі, куды прывезьлі. У нас былі зьвесткі, што могуць адправіць у „Віцьбу-3“, але ці так гэта, пакуль не пацьвердзілася».

Максім Вінярскі ў Магілёўскай вязьніцы шмат чытаў, але потым яго пазбавілі права карыстацца бібліятэкай. Чаму? Алене вядомая такая прычына:

«Нібыта пры чарговым пераводзе ў іншую камэру не пасьпеў сабраць усе рэчы і кнігі, якія ў яго былі, дык гэтак пакаралі. Наракаў, што застаўся бяз новых кніг. Спадзяюся, у калёніі знойдзе што чытаць», — расказала сястра Максіма Вінярскага Алена Церашкова.

Паводле Алены Церашковай, да Максіма Вінярскага не падыходзілі з прапановай напісаць прашэньне аб памілаваньні.

«Ды ён на такое ніколі не пагодзіцца. Дакладна ведаю, што лічыць сябе ні ў чым не вінаватым і пісаць нешта адмаўляецца», — кажа сястра палітвязьня.

Павал Юхневіч — у «Воўчых норах»

Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Павал Юхневіч будзе адбываць 5 год пазбаўленьня волі ў калёніі «Воўчыя норы» пад Івацэвічамі, вядомай строгімі парадкамі. Сяброўка Паўла Юля кажа, што ўжо прыйшоў ад яго ліст з калёніі. Туды ён трапіў дакладна праз год, як быў арыштаваны.

«Раней пасьпеў даслаць ліст з Баранавічаў, зь перасылкі. А празь некалькі дзён прыйшоў ліст ужо з „Воўчых нораў“. Задаволены, што этап быў адносна нармальны, хоць ехаў амаль праз усю краіну. Піша, што там добрае паветра і ёсьць магчымасьці выйсьці на сонца. Захадамі сонца захапляецца. Некалькі пабытовых просьбаў, а так усё нармальна. Напісаў, што ў нечым іншыя парадкі, трэба забыцца пра турэмны досьвед і да ўсяго прызвычайвацца наноў», — расказала яна пра ліст ад Паўла Юхневіча.

Вярхоўны суд Беларусі, калі ў канцы жніўня разглядаў апэляцыйную скаргу Паўла Юхневіча, пакінуў прысуд Магілёўскага абласнога суду бязь зьмены, але залічыў дні, адбытыя да суду ў ізалятары, з разьліку 1 да 1,5. У выніку, як вылічыў актывіст, калі да яго не ўжывуць амністыю ці памілаваньне, на волю ён мае выйсьці ў 2025-м на Дзень Волі.

«Выйду на волю 25 сакавіка 2025 году. Хіба не сымбалічна?» — напісаў актывіст сяброўцы.

Паводле сваяка актывіста «Эўрапейскай Беларусі», блогер Дзьмітрый Казлоў можа быць разьмеркаваны ў калёнію ў Бабруйску, Андрэй Войніч — у калёнію пад Магілёвам.

«Але пакуль гэта папярэдняя інфармацыя, ад іх зьвестак яшчэ няма», — удакладніў гэты чалавек «Свабодзе».

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2022 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]