Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Беларуская «Мова нанова» цяпер і ў Таронта

11.11.2015 общество

7 лістапада 2015 году ў Таронта «Мова нанова» пры падтрымцы Згуртавання Беларусаў Канады распачала свой першы сезон інтэрактыўных заняткаў беларускай мовы.

Журналіст Глеб Лабадзенка і філолаг Алеся Літвіноўская, заснавальнікі курсаў «Мова нанова» ў Беларусі, прывіталі ўдзельнікаў «Мовы нанова» ў Таронта праз загадзя запісаны відэазварот, бо розніца ў часе не дазволіла зрабіць гэта анлайн. У Беларусі ў гэты час была акурат ноч, паведамляе nn.by.

Граматычны блок прадставіў старшыня Згуртавання Беларусаў Канады, лінгвіст Зміцер Эльяшэвіч.

Тэмай першых заняткаў стала «Здаровае харчаванне». Доктар малекулярнай біялогіі Алена Лявончанка падрыхтавала прэзентацыю, наўзвочна прадэманстравала хімічныя працэсы, якія адбываюцца ў нашым арганізме падчас стрававання, і як карысная і некарысная ежа ўплывае на наша здароўе.

Нягледзячы на глыбокую ноч па беларускім часе, жывы голас з Беларусі ўсё ж такі быў пачуты. Скайп-госць з Беларусі, дацэнт Медычнага ўніверсітэту Віталь Кошалеў, цярпліва чакаў відэазлучэнне з Таронта і з задавальненнем адказаў на пытанні ўдзельнікаў мерапрыемства пасля сваёй прэзентацыі пра здаровае харчаванне.

Госць тэматычнага блоку — сямейны лекар Юлія Барыла, якая практыкуе ў Таронта, таксама адказала на пытанні, якія хвалявалі ўдзельнікаў «Мова нанова» ў Таронта.

Цягам музычнага блоку выступаў беларускі фольк-гурт з Таронта «Яваровы людзі». Слухачы разам з гуртом спявалі песні і гралі на музычных інструментах.

Ірына Тоўсцік, вядучая і адна з ініцыятараў «Мова нанова» ў Таронта, пра курсы: «Атрымалася такая ўтульная, цікавая, займальная і пазнавальная сустрэча. Хочацца адзначыць, што «Мова нанова» ў Таронта — гэта не толькі вывучэнне мовы і культуры Беларусі, гэта таксама яднанне, наладжванне сувязяў (networking) сярод беларусаў Таронта. Для дзетак у нас былі арганізаваныя столікі з алоўкамі, маляванкамі і самаробкамі, каб бацькі, якім няма з кім пакінуць дзетак, таксама мелі магчымасць паўдзельнічаць у нашых занятках.

Мы шчыра запрашаем усіх зацікаўленых беларусаў на нашыя наступныя сустрэчы. Заняткі будуць адбывацца раз на месяц у памяшканні Згуртавання Беларусаў Канады 524: St.Clarens Ave. Toronto M6H 3W7 Canada.

Расклад наступных заняткаў «Мова нанова» ў Таронта на 2015—2016:

12 снежня 2015 Тэма: Каляды

24 студзеня 2016 Тэма: Беларускія стравы

28 лютага 2016 Тэма:Масленіца

12 сакавіка 2016 Тэма: Вясна

16 красавіка 2016 Тэма: Вялікдзень

7 траўня 2016 Выпускны».

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]