Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Час на развагі скончыўся

20.11.2010 политика
Час на развагі скончыўся

Правіцель выбараў ня любіць. Да такой ступені, што праігнараваў нават працэдуру рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты. І дарэмна.

Мог бы шмат цікавага даведацца. І прыемнага таксама. Чаго вартая адна толькі навіна, агучаная на тым паседжанні Цэнтрвыбаркама. Высветлілася раптам, што з усёй кагорты кандыдатаў толькі ў ягоных падпісных лістах – амаль няма памылак.

Гэта ж трэба, як папрацаваў радзькоўскі штаб! Хоць бы для смеху зрабілі нейкую папраўку на славуты чалавечы фактар. І выклікалі б у прыдзірлівых камісій зразумелае жаданне нават тут адсеяць прыкметную колькасць лістоў, падкрэсліўшы тым самым сваю бездакорную аб’ектыўнасць. Не давялося. Паслужлівасць перамагла. Усё ідэальна, хоць ты плач.

Яго чакалі. Аднак ён не прыйшоў. Гэта ў яго такі стыль правядзення выбарчай кампаніі. Кожным крокам дэманстраваць бязмежную абыякавасць і нават пагарду да яе. Дзе-небудзь за мяжой, хаця б у тых жа Штатах, кандыдату з высокай пасадай трэба ўвесь час карэктаваць стратэгію і тактыку штабоў, даводзіць перавагі сваёй праграмы незгаворлівым выбарцам, паціскаць ім рукі, адказваць грунтоўна і цярпліва на кожнае пытанне. Ды яшчэ няспынна адсочваць рэйтынг канкурэнтаў. А тут навошта, калі за цябе ўсё старанна зробяць адпаведныя людзі. І цуд адбудзецца ў дакладна вызначаны час. Без аніякіх намаганняў.

Зборшчыкі подпісаў у чырвона-зялёных пікетах выразна дэманстравалі ўсім ягоны поўны правал. Ва ўсякім разе, у Мінску. А ў выніку колькасць прыхільнікаў раптам пераўзышла самыя смелыя чаканні. І амаль ўсе лісты - бездакорныя. Сістэма збояў не дае. А таму ён бязмежна далёкі ад клопатаў і трывог кандыдатаў простых. Так, усе яны роўныя. Але пра іншых тая песня.. А ў яго свой адметны шлях. Ён – надта вялікі начальнік. І ведае добра, што замест прызначаных на снежань выбараў насамрэч павінен адбыцца тутэйшы трыумф волі.

А таму ў гэтай кампаніі правіцель заняў, як яму падаецца, надзвычай выйгрышную пазіцыю. Ён нібыта і ўвогуле ў ёй не ўдзельнічае. Часу няма – кіруе дзяржавай. Графік жорсткі. Тэмп жыцця няўмольны. Агітацыі ніякай не вядзе і не збіраецца. Проста прагныя да навін тэлежурналісты адсочваюць баявы шлях правадыра. І нічога болей. Таму ён каторы год запар – тэлезорка ўсіх экранаў. Іншыя са сваімі прызначанымі поўгадзіннымі выступамі павінны толькі прадэманстраваць замежным назіральнікам роўныя магчымасці для ўсіх. Няхай паспрабуюць потым хоць да чаго-небудзь тут прычапіцца.

Бачылі ўсе, што на Гомельшчыне ён высвятляў наяўнасць рагатай жывёлы. А потым у Бараўлянах кіраваў асабіста ўрачамі-анколагамі. А ў дзень вышэйпамянёнага паседжання ЦВК ужо рашуча крочыў па парку высокіх тэхналогій. Дзе тут знайсці хоць хвіліну на тое, каб зазірнуць яшчэ і на нейкую рэгістрацыю.

І не ягоны гэта ўзровень увогуле. Няхай там рэй вядуць тыя, хто наважыўся ўступіць у канкурэнцыю з ім, незаменным. Надыдзе час, і ўдзячны народ на руках унясе яго ў той чацверты тэрмін. Разам з канькамі, клюшкамі і шматлікай чэляддзю. А выбары – гэта для наіўнага Захаду. Паглядзяць назіральнікі і пераканаюцца, што тут абсалютная дэмакратыя. Хіба што з невялікай адметнасцю ў падліку галасоў. Але што зробіш – такая традыцыя. Мясцовы каларыт. Электарат не супраць.

Калі ўсё так цудоўна, здавалася б, расслабіцца павінна вертыкаль. Аднак міністр унутраных спраў заяўляе чамусьці, што міліцыя ў хуткім часе пераводзіцца на ўзмоцнены рэжым. Навошта? Пры такой усенароднай любові і пры тых паказчыках, якія загаддзя абвяшчаюцца падкантрольнымі сацыёлагамі, міліцыя ўвогуле павінна была б сысці ў адпачынак да Новага года або стаяць сабе на вуліцах і раздаваць кветачкі грамадзянам, ахопленым адзіным парывам адданасці і любові.

А тут – узмоцнены рэжым. Дык што ж не так у ідылічных дачыненнях правадыра з народам? Чаму ён не ідзе, як звычайна, напралом, а туляецца недзе на ўзбочыне кампаніі, спрабуючы агародамі праскочыць да запаветнай мэты?

Падобна на тое, што гэтым разам запланаваны загаддзя скачок можа не прынесці чаканага рэкорду. Рэжым стары, трухлявы. І ў той кароткі час, пакуль ішла гульня ў лібералізацыю, на электаральным полі выявілася раптам зусім іншая Беларусь. Не запалоханая. І не памяркоўная. Яна мае гонар. І свайго права на выбар нікому не саступіць.

Час на развагі скончыўся. І не варта ўжо гадаць, будзе Плошча ці не. Трэба проста прысці. Не дзеля кандыдатаў. Дзеля саміх сябе і сваёй краіны.

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]