Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Гасподзь дае шанец

18.12.2010 политика
Гасподзь дае шанец

Тое, што лідэры дэмакратычнага руху, дамовіліся аб адзіным сцэнары 19 сьнежня — натхняе і дае нам мажлівасьць здабыць перамогу.

Рэжым на закаце. 17 + 5 = 22. І гэтую арыфмэтыку разумеюць многія. Канешне, засталіся і тыя, хто працягвае прапаведаваць тэорыю эвалюцыі. Усё ж не дарма бальшавічкі ўбівалі нам яе ў мазгі 70 год. Гэтым людзям можа і ахвота дажыць свой век пад «закатам над багнаю», але большасьць, і я разам зь імі, ня могуць чакаць больш ні дня.

Многа было сказана аб тым, што выбарчая кампанія-2010 не дае шанцаў на перамены. Дагэтуль пішуць аб тым, што няма ў апазыцыі еднасьці, што ня будзе Плошчы, што Захад і Ўсход з Гарантам дамовяцца.

Што датычна Захаду з Усходам, дык многім і без дадатковых камэнтараў ясна, што ніякія зьнешнія сілы не паспрыяюць нам, калі мы самі не даможамся перамогі. А вось з астатнімі шанцамі і пасыламі трэба разабрацца сур’ёзьней.

Па-першае, вельмі дзівіць тое, зь якою настойлівасьцю некаторыя таварышы дагэтуль заклінаюць на адзінага кандыдата. Няўжо не хапіла вам адзінага кандыдата ў 2001 годзе і адзінага ў 2006? Чаму ж нашыя памылкі нас так нічаму і ня вучаць?! Папярэднія выбарчыя кампаніі прэзыдэнта засьведчылі, што «адзіны» — гэта далёка ня выхад для дэмакратаў і не падстава сьвяткаваць перамогу.

Ад нашага «адзінага» разьліву 2001 году многія палітолягі і сучасныя настрадамусы былі проста ў захапленьні! Ну і як жа інакш?! Цэлым 4-мільённым корпусам прафсаюзьнікаў кіруе! Стратэгі ўжо ўяўлялі сабе, як гэтыя 4 мільёны прагаласуюць за Ганчарыка, а потым выйдуць на Плошчу, каб рэалізаваць Югаслаўскі сцэнар. Але прафсаюзьнікі па масе сваёй прагаласавалі за Гаранта, а гэтак званы «адзіны» выйшаў на Плошчу і галасіў: «Мы пабядзілі — расхадзіцесь!». Тое ж рэфрэнам паўтарала і кіраўніца ягонага штабу Палевікова, высунуўшыся з вакна захопленага палацу прафсаюзаў: «Спасіба вам, людзі! Мы пабядзілі — расхадзіцесь!». Ну што ж?.. разышліся.

Сабраліся наступны раз праз 5 год. 30-35 тысячаў доўга чакала «адзінага» разьліву 2006 году. Калі ж «адзіны-2006», падтрыманы і левымі, і правымі, і нацыяналістамі, і камуністамі, нарэшце да Плошчы дабраўся, там заставалася ўжо тысяч 25. А калі ён разам зь іншымі яшчэ пару гадзінак павяшчаў «пра караблі, каторыя баразьдзят прасторы опэрнага», засталося і зусім 15-20. А калі «адзіны-адзінственны» заклікаў з кветачкамі сьцягацца, выйшла тышчонак 7, а дайшло толькі 3. Вось такая невясёлая гісторыя «адзіных» у беларускай апазыцыі.

І тут нам прапаноўваюць тыя ж граблі! Давай ім «адзінага» і ўсё. А які сэнс? Сэнс ад «адзінага» можа быць толькі тады, калі падлічваюцца галасы. Калі трэба мабілізаваць увесь электарат на выбары дзеля выхаду ў другі тур альбо дзеля перамогі ў першым. Але калі галасы ня лічацца? Калі датэрміновага галасаваньня 30%? Калі назіральнікаў некалькі соцень на ўсю краіну? Калі апазыцыі няма ва ўчастковых камісіях? Што з гэтых адзіных? Рытарычныя пытаньні, адказ на якія відавочны: паспрабавалі пару разоў «адзіных» — і харош.

Для мяне відавочна, што выбарчая кампанія 2010 году значна больш жывейшая і пэрспэктыўная, чым папярэднія, дзякуючы таму, што мы маем цэлы шэраг моцных апазыцыйных лідэраў. Кожны зь іх знайшоў свой электарат. Нехта ўзмацніў настроі і аптымізм апазыцыйнага. Нехта адкусіў ад нявызначыўшыхся. Нехта паквапіўся на пару проц. Вялікага фальсыфікатара. Ну і калі ласка! Толькі на руку дэмакратычнай апазыцыі.

Па-другое, гэта мы да тэмы Плошчы, Плошча — будзе! Тут ізноў можна прыгадаць 2006 год. Ну хіба хто-небудзь верыў і чакаў, што выйдзе столькі народу? Ну хіба мог сабе хто ўявіць, што пасьля некалькіх сутак страшылак ад кіраўніцтва КДБ, МУС, Пракуратуры і пагрозах пасадзіць за тэрарызм усіх выйшаўшых на Плошчу, начхаўшы на ўсё, выйдзе 30-35 тысяч? Ды ніхто ня мог уявіць! Мы, як прадстаўнікі самай радыкальнай часткі беларускай апазыцыі, не разьлічвалі больш чым на тысяч 10. Пра іншых я не гавару нават. У выніку беларускі народ выйшаў і пасароміў усіх: і нас — радыкалаў, і іх — эвалюцыяністаў. Толькі мы гэтаму пасарамленьню былі радыя, а яны яго спужаліся. Ну, што было далей, мы ўжо абгаварылі. Але цяпер пра іншае — пра гатоўнасьць людзей выйсьці і дамагчыся новых выбараў — выбараў бяз Гаранта.

Яшчэ да пачатку яскравых тэлевыступаў кандыдатаў і выйграных апазыцыяй у адны брамы тэледэбатаў, якія, перакананы, значна павялічылі рэйтынг дэмакратычных сілаў і ўзьнялі пратэстныя настроі, аб гатоўнасьці выходзіць на Плошчу (па дадзеных НІСЭПД) заявіла 11% грамадзянаў Беларусі (альбо 700 тысячаў выбарцаў!). Эвалюцыяністы загаласілі адразу, што гэта «вой як мала — Плошчы ня будзе». Але з гэтымі таварышамі нічога ня зробіш — гэта як са стаканам напалову поўным/пустым. Аднак, давайце паглядзім на падобную сытуацыю ва Ўкраіне. Канешне, нельга мэханічна параўноўваць дзьве краіны і палітычную сыстэму ў іх. Але нават ва Ўкраіне, пры наяўнасьці ў дэмакратаў траціны месцаў у парлямэнце, пры падтрымцы паловы губэрнатараў, пры функцыянаваньні незалежных СМІ ў тым ліку і тэлеканалаў, аб гатоўнасьці выйсьці на вуліцы і адстойваць сумленныя выбары ў 2004 годзе заяўляла 17% грамадзянаў (паводле Цэнтру Разумкова). І гэта ва Ўкраіне, дзе пратэстныя выступы арганізоўвала мэрыя Кіева, а дэканаты сталічных унівэрсытэтаў вызвалілі студэнтаў ад заняткаў. І як вынік у першы дзень пратэстаў на майдан выйшла пару тысяч (sic) чалавек! Ці можна гэта хаця б умоўна параўнаць з сытуацыяй 2006 году ў Беларусі, калі аб гатоўнасьці супрацьстаяць фальсыфікацыям заяўляла 9% грамадзянаў і на Плошчу выйшла 30-35 тысячаў?! Таму давайце ня будзем гаварыць пра «памяркоўных» беларусаў, якія не гатовыя адстойваць сваю свабоду. Гэта не пацьвярджаецца ні сацыялягічнымі дадзенымі, ні прыкладамі нашай гісторыі.

Беларусы заўсёды змагаліся за сваю свабоду. І ў 1988, калі ў Курапатах першыя, яшчэ ў ціпа «нерушымым» Саюзе, паспыталі на сабе савецкі газ і дубінкі, і ў 1995-6, калі адстаялі ад Галоўнага інтэгратара незалежнасьць сваёй краіны на вулічных акцыях, і ў 2006, калі выйшлі здабываць свабоду. Але тады не хапіла аднаго важнага чыньніка — лідэраў, здольных ахвяраваць сабою дзеля перамогі. Лідэраў, гатовых браць адказнасьць на сябе і ісьці да канца. Перакананы, і выбарчая кампанія тое пацьвярджае, што сёньня такія лідэры ў Беларусі ёсьць.

Самаабвешчаны гарант можа сыграць цяпер толькі на адным — на рознай тактыцы дэмакратаў 19 сьнежня. Гэта апошняе выйсьце для Пахана народнага. Але мы не дадзім яму такога шчасьця — мы павінны быць разам, бо толькі разам мы пераможам! І тое, што лідэры дэмакратычнага руху, тыя сілы, якія працуюць на Плошчу, дамовіліся аб адзіным сцэнары 19 сьнежня — натхняе і дае нам мажлівасьць здабыць перамогу.

Ня кожнаму чалавеку і нават ня кожнаму пакаленьню Гасподзь дае мажлівасьць зьмяніць аблічча сваёй краіны, пачаць пісаць з чыстага аркуша гісторыю сваёй Бацькаўшчыны. 19-га сьнежня, а 20:00 Стваральнік неба і зямлі дае нам такі шанец. І мы абавязаны яго выкарыстаць.

Зьміцер Дашкевіч, «Белорусские новости»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]