Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Пралітая кроў мае аднолькавы колер

17.02.2009 политика
Пралітая кроў мае аднолькавы колер

Старая кінахроніка – няпростая рэч. Асабліва тая, пачатку дзевяностых. Мімаволі, хочаш ці не хочаш, сумяшчаецца яна з нашым новым часам. І ўзнікае між імі такое энергетычнае поле, з якога адразу выйсці немагчыма.

Пятнаццаць, дваццаць год – бязмежная прастора. Там – іншая краіна. Іншыя людзі. Там няма сляпога страху. І ёсць адвага і надзея. Куды ўсё падзелася?

Паверыць, што гэта тыя ж людзі, з якіх шмат хто жыве і ў сённяшнім балоце, немагчыма. Не мог той вольны люд дэградаваць да такой ступені, што яго на вуліцах і плошчах бароніць ад знявагі толькі жменька хлопцаў і дзяўчат. З якімі азвярэлыя садысты ў чорным робяць усё, што хочуць. А дзе ж ён сам, той люд, - знік, з’ехаў ці падаўся ў лясы?

На мінулым тыдні гэтую няўтульную краіну пакінуў яшчэ адзін з тых, каго можна ўбачыць шмат у якіх кадрах старой кінахронікі. Бо ён заўсёды быў у цэнтры падзей. Валянцін Тарас – пісьменнік і грамадскі дзеяч. А дакладней – жаўнер Беларусі. У няпоўных трынаццаць гадоў стаў ён на абарону краіны. І да апошняга дня месца сваё не пакінуў. Яго не любіла ўлада. І пераследвала ўсё жыццё. Але ён быў ваяром і паэтам. І саступіць не мог. Не выпадкова ж з ім сябраваў Васіль Быкаў.

У адной з калон аднойчы давялося мне ісці з ім побач. Ён не імкнуўся туды, наперад, дзе мора бел-чырвона-белых сцягоў, дзе апазіцыйныя лідэры і знакамітыя людзі. Ён ішоў як шэрагоўца. Нахіліўшы галаву наперад, нібы прабіваўся праз лес. Там, на месцы збору перад філармоніяй, было тысячы дзве, не болей. І рушылі звыклым тады маршрутам – па вуліцы Якуба Коласа, міма студэнцкіх інтэрнатаў, праз жылыя кварталы. І на праспекце Францыска Скарыны дэманстрантаў было ўжо разоў у дзесяць болей. Такія часы…

Вуліца раскапаная. Пад нагамі пялёхаў мокры снег. Валянцін Тарас маўчаў. Побач з ім ішлі яшчэ два ці тры пісьменнікі. Штосьці справакавала іх на размову пра тутэйшую дыктатуру. Пра тое, які гэта, па сутнасці, прымітыўны і ўбогі фарс. І тады Тарас кінуў змрочна: “Шэкспіраўская трагедыя ці ўбогі фарс, а пралітая кроў мае аднолькавы колер”.

Гэта было яшчэ да таго, як зніклі палітыкі. І не было яшчэ крывавых сутычак перад мостам на Першамайскай. І на транспартнай развязцы, дзе людзей, якія ішлі падтрымаць зняволеных на Акрэсціна, атакаваў узброены спецназ. Нібы знарок выбіралі месца – перад тэатрам аперэты.

А ў тыя дні, калі ўжо развітваліся з Валянцінам Тарасам назаўсёды, радыё “Свабода” перадавала запіс апошняй размовы з ім. Горкімі і балючымі былі тыя словы. Ён сказаў тады, што Беларусь, да якой ішоў усё жыццё, яму ўжо не ўбачыць ніколі.

На старых стужках – такія выдатныя людзі. І шмат хто з іх напэўна з горыччу паўтараў тыя словы: не ўбачыць ніколі.

Летам дзевяноста пятага давялося мне быць у Бычках на Ўшаччыне. Здымалі дакументальны фільм пра Васіля Быкава. На ягоным возеры, на вясковых дарогах і на падворку тады яшчэ не разбуранай хаты. У тым куточку было дзівосна і светла. А вось краіну ўжо ахутваў змрок. І нам усім так хацелася пачуць менавіта ад Быкава хоць нейкае слова надзеі. Але ягоны адказ на асцярожныя спробы ўбачыць за небакраем хоць нейкі прасвет быў надзвычай жорсткім. Васіль Быкаў добра ведаў, у якую пастку трапіла краіна. І яму нечым было нас суцешыць.

У той час, калі Беларусь, атрымаўшы незалежнасць, яшчэ толькі вызначала свой шлях, у яе была выдатная магчымасць далучыцца да цывілізаваных краін. Беларусы маглі б зрабіць тое ж, на што ў свой час наважыліся чэхі, абраўшы прэзідэнтам Вацлава Гавела. У нас быў Алесь Адамовіч. Быў Васіль Быкаў. Было шмат найвыдатнейшых вучоных, пісьменнікаў, грамадскіх дзеячоў. Але краіна з усіх магчымых зрабіла найгоршы выбар.

Яна абрала катастрофу.

Калісьці выдатны вучоны, наш зямляк Аляксандр Чыжэўскі выказаў меркаванне, што ў людскіх няшчасцях нярэдка вінаватым бывае Сонца. Выбухі на ім ды розныя зацьменні правакуюць неадэкватныя паводзіны людзей. Хіба толькі гэтым можна патлумачыць і незразумелы парыў беларусаў у мінулае. Аднак жа было дастаткова часу, каб азірнуцца на пройдзены шлях. І ўжо варта зрабіць неабходныя высновы з таго недарэчнага ўчынку. Інакш гэта зробіць гісторыя. А яна сімпатыяй да лёгкадумных не вызначаецца.

Сыходзяць дарагія нам людзі. Сыдуць і цэлыя пакаленні. Будзе балюча і крыўдна, калі ўсё з тымі ж горкімі словамі - не дачакаліся…

Гады ідуць. І застаецца надзённым пытанне: дык што ж нам рабіць?

Ды тое ж, што рабілі ўсе ў свеце, хто хацеў вырвацца з безвыходнасці: усвядоміць нарэшце асабістую адказнасць. Калі нават не за сваю краіну, то хаця б за ўласную сям’ю. За самых блізкіх. За тых, хто побач. І тады знойдуцца адказы і на астатнія пытанні. Старая стужка сведчыць, што нас на плошчы было болей, чым усіх разам узятых вертухаяў. І ніхто нікуды не падзеўся. За выключэннем тых, каму ўжо ніколі не вярнуцца.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]