Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Дзякуй вам, Аляксандр Рыгоравіч, за Плошчу

24.03.2011 политика
Дзякуй вам, Аляксандр Рыгоравіч, за Плошчу

За апошнія тры месяцы я прачытала больш беларускіх тэкстаў і напісала больш беларускіх пасланняў у інтэрнэце, чым за апошнія пяць гадоў.

Гэта першы вынік той страшэннай Плошчы 19 снежня. Вынік выключна мой, асабісты: 19 снежня толькі беларускамоўныя рэсурсы здолелі працаваць і аператыўна інфармаваць.

За гэтыя тры месяцы мае дзеці гаварылі пра палітыку больш, чым за ўсе гады свайго жыцця. Дзецям на дваіх няма і дзесяці гадоў.

Яны ведаюць, хто такі Лукашэнка, але ж ім цяжка растлумачыць, чаму Някляеў у няволі. Гэта другі вынік той страшэннай Плошчы. Вынік, якога я насамрэч не хачу, бо не хачу, каб дзеці ў такім раннім узросце ведалі пра палітыку. Але ж яны бачылі, як я плачу першыя дні пасля Плошчы. І я павінная была ім расказаць, чаму смуткую.

Я не верыла ў Плошчу. Мой натхнёны знаёмы верыў. Але ж усе атрымалі зусім нечаканы сцэнарый. У маім разуменні, гэтая Плошча мусіла скончыцца, як і мінулая, — ваяры памахалі б сцягамі і разышліся па дамах. І так бы яно і было, калі б нехта не пачаў АСАБІСТА кіраваць Плошчай. І гэта разбіла нашу краіну на два супрацьлеглыя лагеры. Частка крычыць: так ім і трэба, а частка, нават такая памяркоўная, як я, пачала чытаць апазіцыйныя сайты. Таму размовы пра палітыку за святочным сталом лепш забараніць. Каб не сапсаваць вячэру.

Я ніколі не хадзіла на Плошчу. Не, не баялася. Не хадзіла, бо не верыла. Але цяпер разумею, што Плошча ў маім сэрцы ўжо жыве.

І сёння я стамілася баяцца. Мяне, як і многіх, у любы момант могуць арыштаваць за надта сумны ці вясёлы твар. Дык навошта баяцца, калі ад цябе нічога не залежыць? І за гэта я хачу падзякаваць адзінаму чалавеку, адказнаму за Плошчу. Дзякую вам, Аляксандр Рыгоравіч. Вы згасілі маю баязлівую памяркоўнасць.

Я ператварылася ў змагара.

З пошты газеты «Наша Ніва»

Источник charter97.org

Последние новости:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]