Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Дэвальвацыя веры ў выбары: наступствы

29.09.2012 политика
Дэвальвацыя веры ў выбары: наступствы

Інтэрнэт выбары не прызнаў. Можна пабачыць сфатаграфаваныя ведамасьці зь яўкай 5-15%.

На відэа старшыня камісіі кажа пра яўку 28%. А навіна пра тое, што 7 апазыцыйных структур сказалі: выбары не адбыліся, цэлы дзень правісела на галоўнай старонцы аднаго з найбольш папулярных беларускіх парталаў.

Нехта можа сказаць: інтэрнэт не прызнаваў выбары і дагэтуль. Аднак адно — выяўляць асобныя выпадкі парушэньняў. Скардзіцца на тое, што назіральнікам не даюць лічыць галасы. І зусім іншае — калі пасьля галасаваньня ў інтэрнэце ў сапраўды масавым парадку зьяўляюцца сьведчаньні — папяровыя, фатаграфічныя ды відэа — таго, што выбараў проста не адбылося, што яўкі — не было. Проста праглядзіце стужку навін за дзень галасаваньня, пачытайце загалоўкі, каб зразумець, пра што я кажу.

Дагэтуль Байнэт супольна ўспрымаў беларускія выбары як недэмакратычныя. Цяпер Байнэт — гэтаксама супольна — вырашыў, што выбары не адбыліся. І вось падобным заявам, усім гэтым лічбам пра 45% яўкі, усім сьведчаньням пра тое, што назіраньне вялосяна 1,3 тыс. участкаў і «лічбы супадаюць», проста нічога не супрацьстаўляецца з боку ўлады.

Словам Лідзіі Ярмошынай Байнэт ня верыць. У Байнэту і Ярмошынай нават не антыпатыя, але — інфармацыйная несумяшчальнасьць. Любая інфармацыя з ЦВК будзе блякавацца масавай сьвядомасьцю, успрымацца як «інфармацыйны шум».

Але мяне ў гэтай сытуацыі цікавяць не адносіны Ярмошны і Байнэту. І нават ня тыя рытарычныя стратэгіі, якімі б улады здолелі вярнуць давер да гэтых выбараў (іх праблема, хай яны і думаюць).

Мяне цікавіць прыкладное пытаньне. Вось, вялікая колькасьць людзей пабачыла фатаграфічныя сьведчаньні таго, што выбары ў Беларусі не адбыліся. І што далей?

Вось асноўнае пытаньне: што далей?

Кандыдат у дэпутаты Віктар Цярэшчанка патрабуе новых выбараў па сваёй акрузе. Але гэта, здаецца, адзіны выпадак трансфармацыі таго, што мы бачым у інтэрнэце, у нейкія рэальныя крокі. І я цалкам разумею, чаму Цярэшчанка — адзін такі. Бо ўсе файна ведаюць, што аспрэчыць рэзультаты выбараў немагчыма, бо разглядаюць скаргі суды і пракуратура. А іх рашэньні вельмі лёгка прадказаць.

Дык тады — навошта ўсё папярэдняе?

Адкуль трыюмф і пачуцьцё эўфарыі?

Расейскі аналітык, адзін з стваральнікаў групы «Мэркатар» Дзьмітрый Арэшкін сказаў у размове пра расейскі вопыт: так, фіксаваньне парушэньняў не прывяло да паўторных выбараў. Але галоўным вынікам сталася тое, што 10 мільёнаў з 110, што галасуюць у Расеі, упэўніліся, што выбары — несумленныя.

Але ў Беларусі выбары і дагэтуль многія, калі ня ўсе, успрымалі як несумленныя. Нікому ня трэба расплюшчваць вочы. Да сказанага Андрэем Курэйчыкам пра адносіны выбарцаў да выбараў магу дадаць толькі адно: гэтаксама ў выбары ня верыць і вэртыкаль, бо яна, як ніхто, ведае, як тыя выбары робяцца (бо яна сама іх і рыхтуе!)

Але зноў тое ж самае пытаньне: што далей? Беларусы перасталі верыць у празрыстасьць і сапраўднасьць электаральных кампаніяў. Але якія высновы з гэтага ідуць? Паспрабую сфармуляваць.

1. Па-першае, я ня ўпэўнены, што рэжым быў у прынцыпе зацікаўлены ў тым, каб інтэрнэт (і народ!) у гэтыя выбары паверыў. Бо пасьля сьнежня 2010 году ўзьнік дэфіцыт зьнешняй і ўнутранай легітымнасьці выканаўчай улады. І сытуацыя, калі ёсьць цалкам легітымны парлямэнт, і ёсьць прэзыдэнт, пасьля выбараў якога сем іншых кандыдатаў спатрэбілася тэрмінова саджаць у турму — ня вельмі добрая для стабільнасьці ў краіне… Адсюль — бачная, падкрэсьленая неахайнасьць у арганізацыі працэсу. Адсюль — зьбіцьцё Сяргея Грыца, напад на пікет «Зьмены» і г. д. Я магу амаль гарантаваць, што перад прэзыдэнцкімі выбарамі будзе зроблена ўсё, каб узнавіць прыстойны выгляд працэсу. Бо дэвальваваць трэба было не давер да выбараў як такіх, але — давер да гэтай канкрэтна кампаніі, якая праходзіла ва ўмовах «пасьля сьнежня 2010».

2. Роля і месца Палаты прадстаўнікоў у беларускім палітычным працэсе палягае ў тым, каб дэлегаваць ёй прыняцьце тых рашэньняў, якія прымаць трэба, але прэзыдэнт іх прымаць ня хоча з-за небясьпекі для рэйтынгу. Клясычная задача для ППНС — скасаваньне льготаў ці ратыфікацыя мытнага пагадненьня з Расеяй. Калі б магчыма было, усе кошты ў краіне ўздымала б ППНС, усе заробкі падвышаў бы прэзыдэнт. Пажадана, каб ППНС рабіла гэта хутка і ціха, без абмеркаваньня. Наколькі мне вядома, адзіны (!) дэпутат, які прагаласаваў супраць адмены льготаў у 2007 годзе, трапіў у «чорны сьпіс» і ня здолеў болей абрацца ў ППНС.

3. Дэпутаты пры гэтым успрымаюцца як «прадстаўнікі народу», іх дзеяньні — як «сацыяльная замова» выбарцаў. Такім чынам выканаўчая ўлада здымае зь сябе цяжар адказнасьці за непапулярныя дзеі, якіх чым далей, тым робіцца болей.

4. Імкненьне забясьпечыць «маўклівасьць» і «хуткасьць» працэсу прыняцьця непапулярных мер (гл. пункт 2) прыводзіць да таго, што да «вівісэкцыі» дэпутатаў ППНС патрабуецца падыходзіць усё болей і болей «пільна». Адчуваньне дэфіцыту прэзыдэнцкай легітымнасьці (гл. пункт 1) разам зь зьнешнімі фактарамі (адсутнасьць дыялёгу з ЭЗ) прыводзяць да брутальнай стылістыкі ў арганізацыі працэдуры. Усё ўзгаданае вядзе да недаверу выбарцаў да электаральнага працэсу і абраных у яго выніку дэпутатаў.

5. Па выніках зьяўляецца ППНС, якая не прызнаная Захадам, як таго і патрабавалася (не хапала, каб прэзыдэнт быў не прызнаны, а парлямэнт — прызнаны!), і якая складаецца з маўклівых і вопытных выканаўцаў. Але наступствы — народ не ўспрымае гэтых выканаўцаў як сваіх прадстаўнікоў.

6. Падчас новай кадэнцыі ППНС ратыфікуе шэраг дамоваў, я не выключаю, што сярод іх аднойчы зьявіцца дамова аб продажы «Белкалію». Гэтыя дэпутаты будуць падвышаць тарыфы на ЖКГ і зацьвярджаць іншыя непапулярныя крокі. У выніку акалічнасьцяў, выкладзеных у пунктах 1-6, усе гэтыя крокі будуць успрымацца як крокі выканаўчай улады, адміністрацыі, а не «прадстаўнікоў народу», «народных абраньнікаў».

7. Тое, як была арганізавана гэтая парлямэнцкая кампанія, кіне цень і на давер да прэзыдэнцкіх выбараў. Бо такія рэчы, як давер/недавер так хутка ня ўзновіш.

Віктар Марціновіч, «Радыё Свабода»

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]