Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Наста Палажанка атрымала некалькі паштовак

07.02.2011 политика

На выходных бацька Насты Палажанкі атрымаў ад маладафронтаўкі 4-ты ліст.

Уладзімір Міхайлавіч ахвотна падзяліўся з прэс-службай "Маладога Фронта" ўрывачкамі зь ліста сваёй дачкі:

"Трошку распавяду, як я тут жыву, каб вы не хваляваліся. Раніца ў мяне пачынаецца а шостай! Такі да, жыцьцё ўсё ж такі прымусіла, ня ўсё ж аб 11 падымацца! Я ўмываюся й п'ю каву. Недзе ля 7-ай я пачынаю прачынацца...І каб ачухацца канчаткова, ну хаця б на працэнтаў эдак 80%, я выпіваю яшчэ адну каву і дадаю да рацыёну якую вашую кашку. [...] А 8-й у нас праверка, там я здаю табе лісты. З 9:30 да 11:30 на гадзінку-другую можна выбрацца на прагулку. Я, шчыра кажучы, выбіраюся ня так часта, паколькі, на жаль, пазнавата засынаю, таму да гадзін 11 стараюся паспаць. Забіць нечым цэлы дзень складана, паколькі ў адрозьненьні ад той жа Валадаркі тут нельга перадаваць сваёй літаратуры, каб вучыцца ці тое, каб чытаць нешта карыснае й сабе ў задавальненьне.

Зь літаратуры тутэйшай мне перадаюць выключна жаночыя раманы! Недарэмна я іх ніколі не чытала! Тут для гэтага часу больш, чым дастаткова! У дадатак да любоўных раманаў, па тэлевізары нам пачалі паказваць сэрыял "Навейшая гісторыя Беларусі". А я яшчэ мела смеласьць калісьці казаць, што нашыя турмы толькі завочна маюць назву "выхаваўчых установаў"!

Ну і без "жоўтай прэсы" карцінка была б няпоўнаю! Я ня ведаю, што цяпер адбываецца ў сьвеце і якія навіны ў нашай сінявокай, але пра новую дзяўчыну Малахава й эратычную фотасэсію Валачковай я ў курсе! Дзякуй "Камсамолцы"! Гэта адзіная газэта, каторую прыраўнялі да ўзроўню "любоўных раманаў" і якую перадаюць мне ў камэру. Пэўна, "Народнай Волі", "БэлГазэце" і "Нашай Ніве", як і шэрагу іншых СМІ, трэба паболей надзяляць увагі свецкае хронікі. Без гламура ў турме ніяк! [...]

Усім вялікае прывітаньне! Мне ўсіх вельмі не хапае!

[...]

P.S. Мне, дарэчы, перадалі 3 паштовачкі, што былі без аніякіх пазнак. Я, на жаль, нават ня ведаю, ад каго яны, але ўсё роўна вельмі й вельмі прыемна".

Нагадваем, што ліставаць Насьце Палажанцы, як і астатнім палітвязьням, можна па наступнай адрэсе:

220050, г. Менск, Галоўпаштамт, а/с 8, імя палітвязьня

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2021 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]